ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн. ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс. км². Нас. 1438,8 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.

Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас. Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс. га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.

Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс. га с.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.

Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс. км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.

Л.В.Казлоўская.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)